У Баранавічах адзначылі 30-годдзе мясцовага ТБМ



У мінулыя выходныя Баранавіцкая філія Таварыства беларускай мовы адзначыла 30 год сваёй дзейнасці. Было шмат удзельнікаў імпрэзы, якія эмацыйна гаварылі пра рост сваёй свядомасці пад уплывам Таварыства, прагучалі і крытычныя заўвагі.

Але паводле намесніка старшыні філіі, які нядаўна яшчэ ўзначальваў арганізацыю, Мікалая Падгайскага, зроблена шмат, калі ўлічваць, што ўсё трэба рабіць за сціплыя складкі:

– 30 гадоў – гэта такі аграмадны тэрмін, гэта так многа зроблена, так многа, магчыма, і не зроблена. А ўся праца была на энтузіязме з самага пачатку і да сённяшняга дня. Усё ж такі мова – гэта тое, што найбольш аб’ядноўвае людзей, якія працуюць у гэтай арганізацыі. У цяжкі далёкі, амаль савецкія часы, было не проста людзям працаваць. У нас цэлы накірунак працы – гэта наша гісторыя, наша культура, наша спадчына.

Трэба адзначыць, што сярод амаль 70 удзельнікаў свята не знайшлося ніводнага чалавека, які б жадаў цеснай інтэграцыі з Расеяй. То-бок, менавіта з дапамогаю беларускага слова ў чалавека з’яўляецца цікавасць да ўсяго роднага, якім не гандлююць.

Беларускае Радыё Рацыя