У Баранавічах гутарылі пра ўкрадзеныя беларускія скарбы
У Баранавічах на сядзібе ТБМ у вёсцы Русіно адбылася сустрэча з беларускім літаратарам, краязнаўцам, гісторыкам і журналістам Сяргеем Чыгрыном са Слоніма.
Госць не толькі прэзентаваў адну са сваіх новых кніг “Час спагадлівым не бывае”, але і шмат распавёў пра беларускія дакументы і скарбы, якія знаходзяцца ў архівах і музеях Расеі, Польшчы, Літвы, Украіны, Швецыі, Германіі і ў іншых краінах. Сяргей Чыгрын адзначыў, што Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у свеце, дзе нацыянальных культурных скарбаў, матэрыяльных і духоўных, на Бацькаўшчыне меней, чым за яе межамі. Прычынай таму былі розныя войны, якія ў мінулых стагоддзях праходзілі праз беларускую зямлю, а вайскоўцы-чужынцы і палітычныя загады кіраўнікоў-захопнікаў рабавалі нашу краіну.
“Сёння немагчыма пералічыць усе тыя нацыянальныя багацці, што на працягу шмат стагоддзяў былі вывезеныя з беларускай зямлі ў суседнія і далёкія краіны. Гэта і калекцыі слуцкіх паясоў, і выданні Францыска Скарыны, і жыровіцкія дакументы, і калекцыі зброі і рыцарскіх панцыраў, і шкляны посуд, і выданні з бібліятэкі Храптовічаў са Шчорсаў, і карціны, гравюры і г.д. Вяртанне беларускіх скарбаў павінна вырашацца на дзяржаўным узроўні і вырашацца пастаянна…”—адзначыў Сяргей Чыгрын.
Падчас сустрэчы ў Баранавічах выступоўца распавёў і пра трагічныя лёсы беларусаў, сляды якіх раскінуты па свеце. Іх таксама неабходна вяртаць з небыцця. Многія прысутныя на сустрэчы атрымалі аўтографы на кнігах аўтара.
Кіраўнік Баранавіцкага ТБМ Мікола Падгайскі шчыра падзякаваў госцю за сустрэчу і запрашаў часцей прыязджаць да іх.
Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы