У Белаазёрску адкрылася выстава Сяргея Радзюка “Белае на белым”
У Доме культуры горада Белаазёрска адкрылася выстава сябра Саюза мастакоў Расеі родам з Белаазёрска Сяргея Радзюка пад назвай „Белае на белым”.
Незвычайныя светлыя карціны на першы погляд не кідаюцца ў вочы. Мастак выкарыстоўваў адну белую фарбу на белых палотнах розных адценняў. Каб зразумець карціны, патрэбна добра прыглядзецца. Такія палотны зроблены мастаком у выхаваўчых мэтах для людзей усяго свету, кажа Сяргей Радзюк:
– Карціны, якія вы паглядзіце, усё што там шэрае – гэта чыстае палатно. Я яго так прамалёўваў, каб гэтыя белыя мясціны прымусілі шэрае глядзецца малюнкам, глядзецца фарбай. А навошта я малявай толькі адной фарбай? Таму што цяпер надыйшлі такія часы, калі чалавецтва шмат спажывае, бярэ больш, чым рэальна чалавеку патрэбна. Потым каля гарадоў вырастаюць горы са смецця.
Выстава філасофскага характару працягнецца да канца кастрычніка. Жадаючыя могуць набыць карціны. Хаця, па словах мастака, такія палотны падыходзяць больш для музеяў і галерэй, чым для кватэр.
Беларускае Радыё Рацыя