У Беларусі прадставяць беларускамоўны варыянт польскага гістарычнага часопіса (абноўлена)



Польскі інстытут у Менску, фонд “Гісторыя і культура”, рэдакцыя часопіса “Mowią wieki” і выдавецтва “Галіяфы” запрашаюць на прэзентацыю адмысловага беларускамоўнага нумару часопіса “Mowią wieki”, які цалкам прысвечаны 500-годдзю Аршанскай бітвы.

Кажа дырэктар выдавецтва “Галіяфы” Зміцер Вішнёў:

– У кнігарні “Галіяфы”, дакладней не ў кнігарні, а на сядзібе выдавецтва “Галіяфы”, таму што кнігарня не працуе, у нас будзе вялікая імпрэза да Аршанскай бітвы. Будзе прэзентавацца польскі часопіс “Mowią wieki”. Імпрэза адбудзецца 13 верасня а 17-й гадзіне.

15 верасня прэзентацыя часопіса адбудзецца ў Віцебску, а 16 верасня выданне прэзентуюць гарадзенцам. На Беласточчыне часопіс ужо даступны ў шапіках фірмы “Ruch”.

vokladka

* * *

Вераснёўскі нумар часопісу “Mowią wieki”, прысвечаны 500-годдзю перамогі войска Вялікага княства Літоўскага пры падтрымцы Кароны Польскай пад Воршай, будзе мець дзве моўныя версіі – польскую і беларускую. З такой ідэяй да Польскага Інстытута ў Менску звярнулася рэдакцыя часопісу, якая ўжо выдавала дзвюхмоўны польска-літоўскі нумар да 150-годдзя пачатку Паўстання 1863-1864 гадоў, кажа каардынатар праекту Аляксандр Гарадзецкі з Польскага Інстытута ў Менску:

– Нумар часопіса, які прысвечаны Аршанскай бітве, унікальны тым, што выдадзены па-беларуску. Часопіс будзе выдадзены накладам 2 000 экзэмпляраў, з якіх 1 000 прывязуць у Беларусь, а астатнія нумары будуць даступныя ў кнігарнях Беласточчыны і ва Усходняй Польшчы.

Прэзентацыя беларускамоўнай версіі часопісу пройдзе 13 верасня ў Менску, у выдавецтве “Галіяфы”, 15 верасня – ў Віцебску, а 16 верасня часопіс прэзентуюць гарадзенцам. На Беласточчыне часопіс будзе даступны пасля 10 верасня ў шапіках фірмы “Ruch”. Праект выдання атрымаў фінансаванне МЗС Польшчы у межах праграмы польска-беларускіх сумесных дзеянняў.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота mowiawieki.pl