У Беларусі праходзіць абмеркаванне Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы



Да 1 кастрычніка праходзіць абмеркаванне Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства, размешчанага на сайце Міністэрства культуры. Чаму дадзены дакумент мае ўсе шанцы стаць найбольш абсурдным афіцыйным дакументам за ўвесь час існавання Беларусі, разважае кіраўнік Беларускай Рады Культуры Сяргей Будкін у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Першае, што кідаецца ў вочы, тое, што гэта Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы, а напісаны ўвесь дакумент па-расейску. Тады нават не ведаючы зместу канцэпцыі, на каго ён арыентаваны? Хто мэтавая аўдыторыя гэтай канцэпцыі?

Сяргей Будкін: Мэтавая аўдыторыя, відавочна, гэта супрацоўнікі дзяржаўных культурных установаў. Работнікі культуры, скажам так. І тыя, каго гэта тычыцца непасрэдна, то бок, самі творцы, якія спрабуюць неяк самавыяўляцца яшчэ ўнутры Беларусі.

РР: Ці спрабавалі вы даслаць неякія прапановы? Ці ў гэтым няма сэнсу?

Сяргей Будкін: Натуральна, што тут ніякага дыялогу немагчыма. У прынцыпе гэты дакумент абагульняе ўсе такія напрацоўкі, якія былі раней уведзены ў тым ліку ў Кодэксе аб культуры, які фактычна ўзаконіў цэнзуру і ўвёў практыку ідэалагічных разглядаў, ідэалагічных камісій. Але тут гучыць усё яшчэ больш жорстка і абсурдна. То бок, калі параўнаць, напрыклад, з савецкімі часамі, са сталінскай Канстытуцыяй, напрыклад, дзе на паперы хаця б было выкладзена ўсё дэмакратычненька, хаця ў рэаліях людзей стралялі, то тут якраз такі квінтэсэнцыя несвабоды, цэнзуры, самаізаляцыя, пакладзена на паперу. Гэта канцэпцыя якраз несвабоды творцаў Беларусі. Можна яе вобразна назваць так, таму што яна наўпрост кажа пра перагляд гісторыі, пра ізаляцыю Беларусі ад астатняга свету. Кажа пра тое, што трэба пазбягаць уплыву заходняй культуры. То бок, дакумент на самой справе вельмі страшны. Хоць можна яго чытаць і з ракурса гумара, таму што гэта выдатны ўтапічна-сатырычны твор. Бо некаторыя моманты выклікаюць усмешку ў той частцы, што стваральнікі дакументу думаюць, што культуру можна неяк падначаліць сваім нейкм ідэалагічным патрэбам.

Слухайце гутарку ў далучаным гукавым файле

Беларускае Радыё Рацыя