У Беларусі ўпершыню пройдзе імша за Рэйтана
Упершыню ў сучаснай гісторыі Беларусі адбудуцца набажэнствы за ўпакой душы Тадэвуша Рэйтана.
Сёлета адзначаецца 275 гадоў з дня нараджэння легендарнага ліцвіна, вайсковага й палітычнага дзеяча, які выступіў супраць падзелу Рэчы Паспалітай.
Гаворыць адзін з кіраўнікоў Арт-суполкі імя Рэйтана, даследчык Зміцер Юркевіч:
– Пануе такая, скажам так, шкодная міфалогія, што Тадэвуш Рэйтан быў самагубцам. А хто за самагубца замаўляе? Насамрэч ён не быў самагубцам, ён быў пахаваны ў старым Ляхавіцкім касцёле, які быў знішчаны. Як сведчаць відавочцы, ён да апошняй хвіліны свайго жыцця трымаў ксяндза за руку.
Імша ў памяць нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана пройдзе адразу ў двух касцёлах Менска – Чырвоным на Плошчы Незалежнасці ды Святога Роха на Залатой горцы. Набажэнства адбудзецца ўвечары 28 кастрычніка ў дзень святога Тадэвуша.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя