У Беластоку адбудзецца канцэрт беларускага гурта LEIBONIK
24 верасня ў Беластоку адбудзецца канцэрт беларускага гурта LEIBONIK. Музыкі едуць на Падляшша ў рамках гастрольнага тура, пад назвай «Экспартнае», па Літве ды Польшчы. Дзе, сярод іншага, Сяргей Башлыкевіч і каманда выступяць у такіх гарадах як Вільня, Гданьск, Познань, Варшава, Кракаў і Лодзь.
Арганізатар канцэрту ў Беластоку, кіраўнік фундацыі Тутака – Павел Станкевіч спадзяецца, што калі дазволіць надвор’е, зладзіць імпрэзу пад адкрытым небам:
– Гэта такі цікавы жанр, таму што цяжка сказаць, што дакладна яны граюць: ці гэта панк, ці гэта рок, ці рэгі? Але гэта ўсё па-беларуску, і з такімі думкамі, якія павінен мець кожны беларус. Таму мы запрашаем у лялечную кавярню. Паспрабуем тут, калі нам пашанцуе з надвор’ем, зрабіць канцэрт. Тут ёсць выдатнае месца, і нават невялічкая сцэна, і мне падаецца, што ў такой утульнай пляцоўцы мы можам развітацца з бабім летам.
Нагадаем, выступ гурта LEIBONIK у Беластоку адбудзецца ў гэтую суботу 24 верасня, у кавярні Lalki, што на вуліцы Каліноўскага 1. Пачатак а 20-й гадзіне.
Беларускае Радыё Рацыя