Сімпозіум, прысвечаны Сакрату Яновічу (абноўлена)
Пра творчасць Сакрата Яновіча гавораць у Беластоку беларускія і польскія даследчыкі. Галоўнай тэмай міжкультурнага сімпозіума, які праходзіць у мясцовым універсітэце, стала тэма трансгранічнасці ў творчасці выбітнага пісьменніка і публіцыста. Сярод удзельнікаў – гарадзенскі паэт Анатоль Брусевіч, на думку якога ў літаратуры Сакрата – сапраўды няма межаў:
– Па-першае, гэты пісьменнік выдатна пісаў творы не толькі па-беларуску, але і на польскай мове. Гэта першы фактар. Па-другое, ён цікавы не толькі палякам, як бачым, але і вельмі цікавы беларусам. Асабліва цікавы на польска-беларускім памежжы, паколькі ягоная творчасць, як падаецца, напрыклад, гарадзенцам, вельмі блізкая ментальна і паводле іншых рэчаў да літаратуры менавіта Гарадзеншчыны, таму гэта пісьменнік з’яўляецца трансгранічным.
У другой палове дня ў межах канферэнцыі запланаваная дыскусія, сярод удзельнікаў якой – пісьменнік Міхась Андрасюк, акцёр Яанна Стэльмашук-Троц, галоўны рэдактар “Часопіса” Юры Хмялеўскі ды іншыя асобы. Таксама арганізатары анансавалі выхад напрыканцы снежня кнігі, прысвечанай творчасці Сакрата Яновіча.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
“Сакрат Яновіч. Пісьменнік транспамежны”. На міжнародны сімпозіум з такой назвай запрашае філалагічны факультэт Беластоцкага ўніверсітэта. Выбітнага польска-беларускага пісьменніка і публіцыста прыгадаюць не толькі даследнікі яго літаратурнай спадчыны, але і тыя, хто ведаў яго асабіста. Гутарка пойдзе пра творчасць Сакрата Яновіча ва ўмовах яго транспамежнага існавання, – кажа адна з арганізатараў імпрэзы, выкладчыца беластоцкага ўніверсітэта Гражына Харытанюк-Міхей.
– Сакрат Яновіч – гэта таксама пэўнае асяроддзе. Гэта асяроддзе літаратуры не толькі беларускай, але і польскай. Ён на памежжы беластоцка-гарадзенскім. Гаварыць выключна ў катэгорыях “толькі беларускі” ці “толькі польскі” нельга. Як нельга казаць без кантэксту. Менавіта таму мы і ладзім гэты сімпозіум як міжнародны.
Гэты сімпозіум – таксама своеасаблівая прэзентацыя кнігі пра творчасць Сакрата Яновіча, паведаміла ў нашым эфіры прафесар Беластоцкага ўніверсітэта Данута Завадская. Выданне кнігі запланаванае да канца года і рыхтуюць яго як польскія, так і беларускія навукоўцы.
– З аднаго боку, будуць польскія і беларускія навукоўцы, а з другога боку – усе, хто ведаў Сакрата Яновіча альбо чытае яго. У кнізе і на сімпозіуме будуць наступныя раздзелы. Першы – прысвечаны творчасці. Другі – пераклады. І яшчэ адна частка – успаміны. Апошняя будзе на сімпозіуме звязана яшчэ з фільмам.
На сімпозіуме „Сакрат Яновіч. Пісьменнік транспамежны” ў Беластоцкім універсітэце, акрамя навуковых дакладаў па творачасці пісьменіка і публіцыста, таксама запланаваны прагляд дакументальнага фільма пра Сакрата Яновіча.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
“Вельмі прыемны і сціплы чалавек”, – такім Сакрата Яновіча запомніла Шырын Акінэр з Кембрыджскага ўніверсітэта ў Лондане. З творчасцю Сакрата яна пазнаёмілася дзякуючы беларускай бібліятэцы ў Вялікабрытаніі ды айцу Аляксандру Надсану, і адразу вырашыла перакласці мініяцюры Яновіча на ангельскую мову. Цяпер навукоўца думае над перавыданнем гэтых перакладаў:
– Гэта мая просьба, мая надзея, што мы можам перавыдаць па-новаму гэтыя празаічныя мініятуры на ангельскай мове і распаўсюджваць гэта. Можа праз выдавецтва ў Англіі, можа праз амбасаду ў Англіі, нам трэба падумаць, як мы можам распаўсюджваць яго творы, бо ён сапраўды цікавы пісьменнік.
20-га лістапада ў Беластоку пройдзе міжкультурны сімпозіум на тэму „Сакрат Яновіч. Пісьменнік трансгранічны”. Выбітнага пісьменніка і публіцыста прыгадаюць не толькі даследнікі яго літаратурнай спадчыны, але і тыя, хто ведаў Сакрата асабіста. Таксама запланаваны прагляд дакументальнага фільма, прысвечанага творцу.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя