У Беластоку адкрылася выстава Grand Press Photo 2022



У Беластоку можна пабачыць вынікі міжнароднага конкурсу Grand Press Photo 2022, датычныя Польшчы і рэгіёну.

Беларускі акцэнт выставы адзначыў арганізатар, супрацоўнік Беластоцкага Асяродку Культуры Марцін Паўлюкевіч:

– Таксама важнай тэмай на гэтай выставе з’яўляецца крызіс на беларуска-польскай мяжы, і сітуацыі, якія там здараюцца. Гэта таксама вельмі вымоўна, бо паказвае людзей, якія ўцякаюць ад чагосьці, што іх гоніць, і мне падаецца, што гэта галоўная тэма таго, што тут бачым. Людзі, якія ўцякаюць ад чагосьці сутыкаюцца з новай рэчаіснасцю, зусім як беларусы, якія змяняюць месца жыхарства, каб чуць большую бяспеку, жыць лепей. Гэта тое, што яднае гэтыя тэмы.

Вядома, што званне «Фота года» атрымаў здымак Войцеха Гжэдзіньскага, зроблены для The Washington Post, на якім Ірына Манюкіна грае на фартэпіяна ў сваім доме, які толькі што разбамбілі расейцы. Выставу лепшых прэс-фатаздымкаў мінулага года можна наведаць у фае кінатэатра «Форум» да канца студзеня.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя