У Беластоку адкрылася выстава, прысвечаная Алесю Пушкіну



У Беластоку адкрылася выстава, прысвечаная мастаку Алесю Пушкіну, які быў закатаваны ў лукашэнкаўскай турме. 14 дзён 14 беларускіх мастакоў працавалі ў рэзідэнцыі «Дом творцаў», які сёлета быў заснаваны ў Беластоку. Вынік гэтай працы быў прадстаўлены сёння на выставачнай пляцоўцы «Не-тэатра».

Адкрываў выставу кіраўнік «Дома творцаў» Сяржук Доўгушаў:

– У нас стварыўся яшчэ адзін “Дом творцаў” – у Беластоку, дзе 14 дзён працавала 14 мастакоў. І гэта стала вынікам – тое, што вы бачыце… Я спяваў сваю песню і ў гэты час думаў пра Алеся. Тэмай нашай выставы стала… не хацелася, каб гэта была тэма… але… мы вырашылі прысвяціць гэтую выставу Алесю Пушкіну.

Куратарам мастацкай рэзідэнцыі «Дома творцаў» у Беластоку была Вольга Шніп. Яна лічыць, што ўдалося стварыць выдатны творчы калектыў, з якім можна будзе выканаць яшчэ не адзін агульны праект.

– Гэта мастакі розных узростаў. І гэта такая вельмі цікавая практыка, таму што мы розныя пакаленні ўсе, так атрымалася. Але мы настолькі ўсе свае, настолькі ў нас сямейная атмасфера атрымалася, што кагосьці мы называлі і “мамо” і “тато”. І вельмі было цікава. І, дарэчы, яны вельмі адказныя і вельмі сур’ёзна падыходзілі да сваёй працы.

Выстава ў «Не-тэатры» будзе працаваць штодзень да 18 жніўня – у будні ад 16-й да 20-й гадзіны, у выходныя дні – з 11-й па 20-ю гадзіну.

Арганізатары таксама паведамілі, што ўжо паступілі прапановы паказаць гэтую выставу ў іншых гарадах Польшчы.

Беларускае Радыё Рацыя