У Беластоку чакаюць беларусаў на канцэрт гуртоў Brutto і Dzieciuki
Канцэрт у Беластоку гуртоў Brutto і Dzieciuki абяцае прайсці з аншлагам. Гарадзенцы прадставяць у час выступу свой новы альбом “Рэха”, а Сяргей Міхалок абяцае выканаць хіты яшчэ з часоў гурта “Ляпіс Трубяцкі”. Для беларусаў, якія захацелі прыехаць на канцэрт, арганізавалі візавую падтрымку. “Квіткоў у продажы ўжо няма, а попыт надалей застаецца”, – кажа арганізатар з беларускага боку Аляксей Бука.
– Зацікаўленасць апошнія тыдзень-два большая, чым у папярэднія месяцы. Таму што, як гэта звычайна бывае, людзі адкладаюць на апошні момант. Мне сёння зраніцы тэлефанавалі людзі, якія хочуць купіць квіткі, але яны ўжо, на жаль, два дні не прадаюцца ў Польшчы, а ў Беларусі амаль два тыдні не прадаюцца. Таму ажыятаж увесь час ёсць, зацікаўленасць таксама ёсць. Каля паўтары тысячы беларусаў мы чакаем на канцэрце.
Канцэрт беларускіх гуртоў Brutto і Dzieciuki пройдзе заўтра ў беластоцкім лядовым палацы і пачнецца а 20-ай гадзіне. Арганізатары абяцаюць, што квіткі яшчэ будуць прадавацца на ўваходзе, але іх колькасць абмежаваная. Мерапрыемства адбываецца з медыйнай падтрымкай Беларускага Радыё Рацыя.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя