У Беластоку паказалі кінаверсію спектакля «Дзяды. Берасцейсая крэпасць»
У Беластоку падчас фестывалю «Одэ» паказалі кінаверсію праекту «Дзяды. Берасцейсая крэпасць», рэалізаванага ў Берасцейскім тэатры драмы і музыкі пры падтрымцы Інстытута Адама Міцкевіча.
fot. Maciej Rukasz / rukasz.com
Спектакль, які пастаўлены адным з самых цікавых польскіх рэжысёраў Паўлам Пасіні і драматургам Патрыцыяй Даловы, уздымае важныя пытанні калектыўнай памяці, дае разуменне, што «Дзяды» ня маюць межаў у краінах альбо эпохах. Кажа рэжысёр спектаклю Павал Пасіні:
— Перш за ўсё гэты спектакль паказвае, што гэтая зямля увесь час чагосьці патрабуе, што там увесь час ёсць нявырашаныя пытанні, і што нават на роўні фізіялогіі мы павінны іх вырашыць. Мы гэта носім у сабе, гэтыя сумневы выклікаюць у нас хваробы. І гэта не абстракцыя. У псіхалогіі ўжо вядомыя выпадкі, калі памяць ці нейкая блакада ў памяці прыводзяць да таго, што чалавек не можа функцыянаваць. Хутчэй за ўсё грамадства функцыянуе вельмі падобным чынам.
Галоўная тэма сёлетняга фестывалю Одэ — гэта гісторыя і памяць. Беларуская, польская, супольная і ня толькі. Абрад Дзядоў важны як ачышчэнне ўнутры чалавека, ды і ў гісторыі ў цэлым. Спектакль «Дзяды. Брэсцкая крэпасць» стаў магчымасцю такога ачышчэння і рэфлексіі. Кажа ініцыятарка фестывалю Одэ, Яанна Троц:
— Я вельмі рада, што менавіта гэты спектакль завяршае фестываль. Амаль як падсумаванне. «Дзяды» — гэта інструмент, як драма, як п’еса, інструмент для таго, каб пагаварыць пра памяць. Павал Пасіні гаворыць пра тое, наколькі важная памяць, наколькі важна гаварыць пра гэта, не трымаць гэтага пад зямлёй. Гэтыя гісторыі павінны выйсці наверх, каб іх па-чалавечы пахаваць і жыць далей з чыстай душой.
Сёння кінаверсію спектакля «Дзяды. Берасцейская крэпасць» можна пабачыць у вёсцы Тэрэміскі на Падляшшы а 18-ай гадзіне. Пасля спектакля адбудзецца сустрэча з рэжысёрам і творцамі праекту.
Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя
Фота:culture.pl