У Беластоку прэзентавалі кнігу „Прыход Малешы. Гісторыя і культура”
У Цэнтры праваслаўнай культуры ў Беластоку ў чацвер (25 траўня) адбылася сустрэча са знаўцамі гістарычнай, фальклорнай і культурнай спадчыны беларусаў Падляшша – Ганнай і Дарафеем Фіёнікамі. Сёлета студыя фальклору падляшскіх беларусаў „Жэмэрва”, якой кіруе Ганна Фіёнік, адзначае дваццацігоддзе. Удзельнікі сустрэчы змаглі паслухаць у выкананні „Жэмэрвы” песні падляшскіх і палескіх беларусаў.

Старшыня фонду „Музей малой Бацькаўшчыны” у Студзіводах Дарафей Фіёнік прадставіў сваю найноўшую кніжку – „Прыход Малешы. Гісторыя і культура”. Галоўнай цэннасцю малешоўскага прыхода ёсць людзі, – адзначае аўтар манаграфіі:
– Людзі моцныя сваім духам. Моцныя сваёй тоеснасцю. Нягледзячы на тое, што стагоддзямі жылі ў Буйнове, Малешах, Шпаках ці ў Свірыдах акружаныя польскім, мазавецкім этнасам, шляхецкімі вёскамі, аднак захавалі сваю тоеснасць і мову да 21 ст. Нягледзячы на шматлікія неспрыяльныя ўмовы. Усё гэтае сведчыць пра сілу людзей, якія там жылі. Гэта былі перадусім вольныя людзі. Таму, што Малешы і іншыя вёскі са згаданага прыходу былі каралеўскімі.
Сустрэчу са знаўцамі гістарычнай, фальклорнай і культурнай спадчыны беларусаў Падляшша – Ганнай і Дарафеем Фіёнікамі са Студзіводаў ладзіла культурнае таварыства „Русь” у Беластоку.













Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
