У Беластоку ўшанавалі памяць Алеся Разанава
Сёлета ў снежні беларуская літаратура адзначае 75-годдзе з дня народзінаў аднаго з найлепшых беларускіх паэтаў – Алеся Разанава.
З гэтай нагоды ў беластоцкім хабе „Новая Зямля” адбылася імпрэза памяці з удзелам прафесара гісторыі і перакладчыка паэзіі Алеся Разанава – Алега Латышонка. Першым зборнікам вершаў паэта, з якім пазнаёміліся беларусы Падляшша, стала кніга „Вастрыё стралы”:
– Гэта была мая малая падарожная кніжка. Мы заўжды мелі яе з сабой, чыталі, дыскутавалі. Гэтая кніжка давала нам сілу на змаганне. Там няма заклікаў да змагання, але такая энергетыка, што калі чытаеш, то напаўняе энергія чалавечнасці і беларушчыны.
У 90-х гадах Алег Латышонак так захапіўся паэзіяй Алеся Разанава, што пачаў перакладаць яго вершы на польскую мову. У выніку ў 1997 годзе ў Беластоку выйшла кніга Разанава Zdobywcy, з якой перакладчык і прачытаў некалькі вершаў.
Прысутныя змаглі пачуць не толькі ўспаміны пра паэта, але і ягоны голас – як ён сам чытаў свае вершы, ягоны расповед пра свае кнігі, а таксама змаглі пабачыць унікальныя фотаздымкі.
Беларускае Радыё Рацыя