На фестывалі Pradmova ўручылі прэміі імя Алеся Адамовіча
Ужо стала традыцыяй, што падчас фестывалю інтэлектуальнай кнігі Pradmova уручаецца прэмія імя Алеся Адамовіча. Сёлета традыцыя не была парушана.
Прэмію, падчас беластоцкай сесіі фестывалю, уручала старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай:
– Прэмія імя Алеся Адамовіча першапачаткова ўручалася ў чатырох намінацыях. Гэта літаратурная публіцыстыка, газетная журналістыка, кінажурналістыка і радыёжурналістыка. Пазней скарацілася да адной намінацыі, уручаецца яна за найбольш актуальную эсэістыку, або за публіцыстыку напісаную на актуальныя тэмы сучаснасці. Дыплом атрымлівае Ганна Кандрацюк за актуалізацыю традыцый еўрапейскага рэпартажу, за кнігу „У прысценку старога лесу”.
Сёлета ў прэміі імя Алеся Адамовіча два лаўрэаты. Другім стаў палітвязень Максім Знак за кнігу „Зэкамерон”:
– На пачатку скажу, за што ўганараваны. За чалавечую годнасць, свабоду думкі і творчасць у нечалавечых умовах. Гэта кніга Максіма Знака „Зэкамерон”. Кніга, якая выйшла па-беларуску, выйшла на расейскай мове, на шведскай мове, на нямецкай мове, на ангельскай мове. На ангельскай мове гэтая кніга атрымала прэмію англійскага ПЭНу. Але гэтая прэмія напэўна першая за кнігу на беларускай мове.
Прэмія імя Алеся Адамовіча — штогадовая літаратурная прэмія Беларускага ПЭНa. Заснаваная ў 1995 годзе і ўручаецца за найлепшую публіцыстычную кнігу года.
Беларускае Радыё Рацыя