У Беластоку з’явіцца яшчэ больш фігурак бронзавых мядзьведзікаў
У наступным годзе ў Беластоку з’явіцца яшчэ больш бронзавых мядзьведзікаў. Гэта 8 новых пацешных фігурак, кожная з якіх будзе мець свой вобраз і тэматычную прывязку да месца, дзе будзе ўсталяваная.
У конкурсе агульнагарадскіх праектаў праект WidziMisie заняў 4 месца з больш чым 180 прапаноў. За тое, каб у Беластоку з’явіліся яшчэ столькі ж мядзьведзікаў, колькі ўжо ёсць, прагаласавалі больш 7000 беластачанаў.
Гаворыць аўтар праекта WidziMisie – Лукаш Леанюк:
– Я вельмі рады. І дзякую ўсім, хто прагаласаваў. 7 тысяч чалавек – гэта аграмадная колькасць людзей. Нават не спадзяваўся, што такая колькасць можа прагаласаваць. Але відаць, што мядзьведзікі спадабаліся. Ім не трэба было вялікай рэкламы, бо рэкламай з’яўляюцца мядзьведзікі, якія стаяць па ўсім горадзе.
Нагадаем, што ў выніку мінулага конкурса агульнагарадскіх праектаў праект WidziMisie Лукаша Леанюка набраў ўсяго крыху болей 600 галасоў і таксама перамог. У выніку чаго, у канцы мінулага года на вуліцах Беластока з’явіліся першыя 8 фігурак мядзьведзікаў, якія адразу ж палюбіліся як турыстам, так і жыхарам горада.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя