У Белавежскай пушчы знайшлі нож часоў неаліту
Знаходка была выяўлена пры пасадцы яблыневага саду ў Дзмітравіцкім лясніцтве „Нацыянальнага парку” Белавежская пушча. Крэмень незвычайнай формы выявілі супрацоўнікі навуковага аддзела.
Як паведамляецца на сайце нацыянальнага парку „Белавежская пушча”, пры больш дэталёвым аглядзе высветлілася, што гэта крэмневы нож. Пазней было ўстаноўлена, што дадзены артэфакт з’яўляецца характэрным для першабытных стаянак эпохі каменнага і бронзавага вякоў.
Акрамя крэмневай пласціны са слядамі апрацоўкі, было знойдзена больш за дзясятак керамічных аскепкаў ад посуду шматвяковай даўніны. Было тут пастаяннае паселішча або часовая стаянка чалавека – трэба будзе вызначыць вучоным з інстытута гісторыі, але ўжо цяпер можна з упэўненасцю сказаць, што людзі жылі тут з даўніх часоў.
Пасля стараннага аналізу знаходак яны будуць перададзеныя ў музей Белавежскай пушчы, дзе будуць выстаўлены разам з іншымі артэфактамі дагістарычнай эпохі.
Фота npbp.brest.by