У Белавежскай пушчы знойдзены артэфакты каменнага веку
Удзельнікі першай міжнароднай археалагічнай экспедыцыі ў Белавежскай пушчы знайшлі крамянёвыя артэфакты каменнага веку, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА навуковы супрацоўнік нацыянальнага парку Руслан Кніга.
На тэрыторыі нацыянальнага парку гэтай восенню рэалізуецца даследчы праект „Белавежская пушча – агульная спадчына” пры актыўным удзеле навуковых супрацоўнікаў Інстытута археалогіі і этналогіі Польскай акадэміі навук і Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Мэтай супрацоўніцтва з’яўляецца вывучэнне археалагічнай спадчыны самага старажытнага ляснога масіву Еўропы. У час першага этапу экспедыцыі быў праведзены ўлік помнікаў археалогіі на тэрыторыі беларускай часткі пушчы (кварталы 560, 561, 593, 749, 775, 805, 807), якія затым нанеслі на карты з дапамогай сістэмы GPS.
Другі этап быў прысвечаны даследаванню аднаго з курганападобных насыпаў ва ўрочышчы Язвінка. Такія аб’екты раскіданы па ўсёй тэрыторыі нацыянальнага парку, але ў адрозненне ад курганоў розных эпох, раскопкі на іх раней не праводзіліся. Да пачатку работ меркавалася, што гэты насып таксама з’яўляецца курганом X-XIII стагоддзяў. Аднак па выніках раскопак ніякіх слядоў штучнай падсыпкі не знойдзена, у той жа час даследчыкі выявілі 39 крамянёвых артэфактаў.
„Гэта апрацаваны крэмень, як мяркуецца, каменнага веку. На жаль, ніякіх прылад працы, інвентару, па якіх можна было б больш дакладна вызначыць эпоху, культуру ў кургане не было. Узнікла рабочая гіпотэза, што гэта маглі быць загатоўкі наканечнікаў, зробленыя на стаянцы першабытным паляўнічым”, – растлумачыў навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Алег Ткачоў. Плануецца, што ў наступным годзе работы ў рамках праекта „Белавежская пушча – агульная спадчына” будуць прадоўжаны.
Фота навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Алега Ткачова