У Белавежскую пушчу завітае “Прызба-фэст”
“Прызба-фэст” хочуць зарганізаваць у Белавежскай пушчы з беларускага боку з 8 па 10 жніўня. Яго ініцыятарам выступіў берасцейскі незалежны тэатр “Крылы Халопа” сумесна з прадстаўнікамі праекта USAID “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”. „Прызба-фэст” будзе праведзены ў рамках ініцыятывы па паляпшэнні працы аграэкатурызму ў Беларусі. Арганізатар “Прызба-фэсту”, акцёрка незалежнага тэатра “Крылы Халопа” Святлана Гайдалёнак распавяла пра ідэю стварэння пляцоўкі.
– Ідэя гэтага “Прызба-фэсту” палягае на тым, каб выйсці па-за прасторы горада, памяшкання ды культурных пляцовак, пакінуць гэтую прастору, да якой усе так прызвычаіліся. Каб быць больш адкрытымі, бестурботнымі.
Экалагічны эксперыментальны фестываль будзе зарганізаваны на аграсядзібе “Залессе” ў Пружанскім раёне бліз беларуска-польскай мяжы. У рамках фэсту адбудуцца спектаклі, майстар-класы, канцэрты, дыскусіі і прагляды фільмаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце