У Белавусаўшчыне знішчаецца апошні архітэктурны помнік
Беларусь – адна з краін, дзе руйнуецца гістарычная спадчына, якую пакінулі нам продкі.
Доказам служыць Пружаншчына. У вёсцы Белавусаўшчына падчас пажару згарэў апошні будынак – сыраварня, пабудаваная ў першай палавіне 19-га стагоддзя, але засталіся сцены, кажа мясцовы паэт-пчаляр, краязнавец Мікола Папека:
– Гэта сядзіба, якая належала ў свой час Швыкоўскім – вядомаму пружанскаму роду. Тут знаходзіліся дзве свінафермы, дзве фермы для кароў, канюшня, вінакурня, сыраварня. Адзін з першых трактароў у Пружанскім раёне з’явіўся тут.
Паводле мастака Андрэя Лычкоўскага, гэта забудова магла быць спачатку капліцай-склепам, выкананай у архітэктурным стылі позняй готыкі. Пасля была разрабавана расейцамі. Пазней новымі пакаленнямі нашчадкаў ператворана ў сыраварню.
Неабыякавыя грамадзяне спадзяюцца, што ўлада прыме меры па захаванні апошняга архітэктурнага шэдэўра, які застаўся ад сядзібы Швыкоўскіх у Белавусаўшчыне.
Беларускае Радыё Рацыя