У Бельскім Доме Культуры «Купалаўцы» пакажуць музычны праект „Я гавару”



«Купалаўцы» сёння і заўтра, 28-29 кастрычніка, выступаюць у рамках фестывалю «Бардаўская восень».

У Бельскім Доме Культуры яны пакажуць музычны праект „Я гавару” – выканаюць песні на вершы сучасных беларускіх паэтаў. А 29 кастрычніка ў Беластоцкім Тэатры Лялек пакажуць спектакль „37-22” памяці рэпрэсаваных літаратараў.

Фестывальная дзейнасць – адзін з важных кірункаў працы незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы», – кажа менеджарка праекту Вольга Кулікоўская. Пра ўсе свае актыўнасці трупа паведамляе праз сацыяльныя сеткі.

Як усе беларусы мы часта задаём сабе пытанне: а навошта зараз тое, што мы робім, як мы існуем і гэтак далей? Безумоўна, што стан складаны, але надзеі і любові да прафесіі ўсё роўна больш. І таму мы працягваем. І таму мы не спыняемся. У Германіі, дарэчы, будзем выступаць напрыканцыі году. Спадзяюся, што вясной будзем выступаць таксама ў Варшаве. Гэта ўжо ўсё новыя праекты. Павінна адбыцца прэм’ера, але складана працаваць, таму загадзя не анансуем. У нашых сацсетках паведамляем, і тады будзеце ведаць.

Нядаўна ў Варшаве адбылася прэм’ера спектаклю “Рамантыка” паводле Адама Міцкевіча на сцэне Teatru Polskiego ў Warszawie. Таксама ў Беластоку «Купалаўцы» выступалі на тэатральным фестывалі «Напрамак Усход». А на гэтых выходных на «Бардаўскай восені 2022 ».

Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» існуе ужо два гады. У жніўні 2020 года ў знак пратэсту супраць гвалту пасля выбараў 36 акцёраў пакінулі дзяржаўныя сцены тэатра імя Янкі Купалы.

Беларускае Радыё Рацыя