У Берасці адбываецца форум „Музеі Беларусі”



Берасце 4-6 кастрычніка прымае IV Нацыянальны форум „Музеі Беларусі”.

Асноўнымі днямі правядзення мерапрыемства стануць 5 і 6 кастрычніка. „У нас будзе 126 удзельнікаў, 115 з іх – дзяржаўныя музеі: ад нацыянальных да раённых. Будуць прадстаўлены каля дзясятка школьных музеяў, турыстычныя фірмы і кампаніі, якія займаюцца вытворчасцю абсталявання і мультымедыйных сродкаў для музейнай справы”, – расказаў дырэктар Берасцейскага абласнога краязнаўчага музея Аляксей Міцюкоў.

Для наведвальнікаў форум стане ўнікальным шанцам на адной пляцоўцы азнаёміцца з патэнцыялам музеяў рэспублікі. Спецыялісты ж скарыстаюцца магчымасцю, каб абмеркаваць актуальныя пытанні, прадэманстраваць новыя падыходы ў музейнай справе, дагаварыцца з калегамі аб сумесных праектах. Адбудзецца конкурс сярод музеяў, дзе будуць вызначаны лепшыя ў навукова-асветнай, экспазіцыйнай, выставачнай і фондавай рабоце, выдавецкай справе і рабоце з партнёрамі. Іх дзейнасць ацэніць аўтарытэтнае журы.

Для ўдзельнікаў форуму арганізуюць аглядную экскурсію па тысячагадовым Берасці. У тым ліку ім пакажуць новыя экспазіцыі ў мемарыяльным комплексе „Брэсцкая крэспасць-герой” і абноўлены археалагічны музей „Бярэсце”.

belta.by