У Берасці адкрылася Х міжнародная выстава „Белфіла-2019”



Больш 100 экспанатаў з 16 краін можна пабачыць на міжнароднай філатэлістычнай выставе “Белфіла-2019”, што адкрылася ў будынку берасцейскага кінатэатра “Беларусь”, і яна прысвечана 1000-годдзю першых успамінаў Берасця.

Пра адметнасць экспазіцыі распавядае старшыня журы, віцэ-прэзідэнт Звяза філатэлістаў Расеі Аляксей Барадзін:

– У Беларусі я прымаў удзел у журы ў многіх выставах, пачынаючы з 1988 года. З кожным разам якасць экспазіцыі і якасць правядзенне выставаў значна паляпшаецца. Калі нават параўнаць з мінулай, якая была два гады таму, то зараз выстава практычна выйшла на міжнародны ўзровень. Нават мы, расейскія філатэлісты, мы зайздросцім, таму што такой моцнай падтрымкі пошты, якую аказвае Белпошта філатэлістам Беларусі, у нас такога няма.

Для беларускага філатэліста з вёскі Лунна Лявона Карповіча вялікі гонар прымаць удзел у гэтай выставе:

– У любой нацыянальнай выставе ўдзельнічаць – гэта гонар. Тым больш, што ў Берасці адзначаецца 1000-годдзе. Гэта знакавы юбілей і такі юбілей бывае раз у тысячу гадоў. Таму таксама ўдзельнічаць вельмі важна. І я ўдзельнічаў з выставай „Гісторыя маёй краіны”.

Прадстаўленыя на выставе экспанаты могуць зацікавіць як адмыслоўца ад філатэліі, так і пачаткоўца, а на саміх экспанатах прадстаўлена гісторыя паштовых марак, адмысловая калекцыя марак да 1000-годдзя Берасця і таксама шмат экспанатаў па гісторыі Беларусі, Расеі і іншых краін.

Беларускае Радыё Рацыя