У Берасці адкрылася выстава керамікі і саломапляцення



У выставачнай зале Берасцейскага абласнога грамадска-культурнага цэнтра адкрылася выстава, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння народных майстроў Антона Такарэўскага і Веры Гаўрылюк.

Антон Такарэўскі – гэта патомны ганчар з Пружаншчыны, што спецыялізаваўся на вырабе чорнадымленай керамікі. А Вера Гаўрылюк стаяла ля вытокаў адраджэння традыцый саломапляцення ў Беларусі. Менавіта таму на выставе “Ад зямлі да сонца” прысутнічалі выключна саламяныя вырабы і чорная кераміка. Адзіны замежны ўдзельнік выставы – гэта кераміст з Беласточчыны Павал Пяхоўскі, ганчар у чацвёртым пакаленні, які распавядае, як звярнуўся да чорнадымленай керамікі.

– У мінулым годзе меў напружаную праграму, атрымаў стыпендыю. І мая задача палягала на стварэнні розных старых узораў. Практычна год працаваў з керамікай, дзякуючы чаму пазнаў іншыя старыя ўзоры, якіх дагэтуль у майго бацькі не бачыў.

Усяго на выставе экспануюцца працы 26 вядомых майстроў саломапляцення і керамікі. Акрамя сучасных твораў, можна агледзець вырабы саміх Антона Такарэўскага і Веры Гаўрылюк.

[Not a valid template]

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтаркі