У Берасці адкрылася выстава пейзажных фотаздымкаў ХІХ–ХХ ст.
«З Беларуссю ў сэрцы… Пейзажныя фотаздымкі Теафіла-Эўгеніюша Барэцці (ХІХ–ХХ стст.)» — экспазіцыя пад такой назвай пачала працу ў Мастацкім музеі Берасця.
На ёй прадстаўлена некалькі дзесяткаў прац з калекцыі беларускага дыпламата Пятра Краўчанкі. Эксперт падкрэсліў, што гэта вынік сумеснага намагання беларускага і польскага боку:
— Гэтая сустрэча — сведчанне таго, што мы браты і сёстры. Беларусь і Польшча — гэта не проста суседзі, гэта не геаграфічнае паняцце, гэта крэўная еднасць. Нас яднаюць нашы нацыянальныя колеры, белы і чырвоны, нас яднае наша агульная гісторыя, нас яднаюць шэрагі паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі, касінеры Кастуся Каліноўскага, нас яднаюць постаць і паланез Міхася Клеафаса Агінскага, нас яднаюць рэвалюцыйныя падзеі чацвёртага, пятых гадоў.
На выставе ў мастацкім музею прадстаўленыя сапраўдныя фотаздымкі Нясвіжа, Наваградка, Заосся, Тугановіцкага парку і іншых гістарычных і памятных мясцін Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце