У Берасці адкрылася выстава «Плакаты вельмі польскія»
«Плакаты вельмі польскія» — такая выстава пачала сваю працу ў выставачнай зале берасцейскага абласнога грамадска-культурнага цэнтра. У экспазіцыі прадстаўленыя плакаты польскага мастака Рышарда Каі з серыі «Польшча», тэатральныя плакаты, а таксама працы мастачкі Каі Рэнкас з серыі «Кая для Каі».
Прадстаўнік Польскага інстытута ў Менску Аляксей Мацюшонак распавёў пра тое, чым можа быць цікавай выстава для шараговых берасцейцаў:
— Гэта выстава вядомага польскага мастака Рышарда Каі, вельмі вядомага ў сваёй краіне. Ён займаецца сцэнаграфіяй, плакатам, жывапісам. Год назад мы запрасілі яго да супрацы і цяпер ладзім ягоныя выставы па Беларусі. Гэта ягоная трэцяя выстава: першая была ў Менску, другая ў Гомелі, а цяпер мы прывезлі яе ў Берасьце. Гэтую выставу можна умоўна падзяліць на тры часткі. Першая, гэты серыя плакатаў, прысвечаных гарадам, цікавым мясцінам у Польшчы. І тут вы можаце ўбачыць ягоныя найбольш вядомыя плакаты, прысвечаныя Любліну, Катавіцам, Вроцлаву і іншым цікавым гарадам і мястэчкам
Другая частка — гэта ягоныя тэатральныя плакаты. Як вядома, ён больш за дваццаць гадоў працаваў у розных тэатрах:м у Лодзі, у Вроцлаве і ў Познані. І тут мы паказваем частку ягонага даробку.
А трэцяя частка. На жаль, сам мастак не мог прыехаць да нас і мы запрасілі мастачку Каю Рэнкас, якая супрацоўнічае з Рышардам Кая, і яны ўзаемна робяць плакаты «Кая для Каі». І вось трэцяя частка — гэта іх сумесны даробак.
Наведнік выставы:
— З 50-х гадоў польскі плакат лічыцца адным з найбольш цікавых у Еўропе. А можа нават і ў свеце. Таму мяне ён заўсёды вельмі цікавіў. Сам я архітэктар, гэта блізка, таму мяне гэта цікавіць. Тут цікавая графіка, цікавыя ідэі. Асноўная маса плакатаў тут — інфармацыйныя, а не агітацыйныя. Яны паведамляюць напрыклад пра нейкае культурнае мерапрыемства.
Арганізацыя выставы «Плакаты вельмі польскія» стала магчымай дзякуючы Польскаму інстытуту ў Менску і Генеральнаму Консульству Рэспублікі Польшча ў Берасці. Наведаць яе можна да канца месяцу па адрасу вуліца Савецкая, 54.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота: Фэйсбук Аляксея Мацюшонка