У Берасці адкрылася выстава прысвечаная Першай сусветнай



У „Прасторы тэатра Крылы Халопа” адкрылася выстава пад назвай „100 год пасля вялікай вайны: спадчына і памяць аб Першай сусветнай вайне (1914-1918 гг.) у Беларусі і Еўропе”.

Падрабязней распавядае прадстаўнік працоўнай групы праекта, гісторык Аляксей Братачкін:

– 100 год прайшло пасля завяршэння Першай сусветнай вайны, таму ў Германіі Міністэрства замежных спраў вырашыла падтрымаць праекты ў розных краінах, якія накіраваныя на тое, каб сказаць нешта аб памяці пра гэту вайну. У Беларусі так склалася, што мы прапанавалі пэўную канцэпцыю праекта, выставы. Пры дапамозе амбасады Германіі ажыццявілі гэты праект пра Першую сусветную вайну. У Менску яна выглядала інакш, чым тут, бо ў рознай прасторы. Але самае галоўнае тое, што мы не паказваем баявыя дзеянні, паказваем антрапалагічнае вымярэнне вайны, што адбывалася з людзьмі, з грамадствам. Выстава разлічана на маладую аўдыторыю.

На выставе ў выглядзе коміксаў прадстаўлены фотаздымкі гістарычных падзеяў і асобаў тых часоў. Акрамя гэтага, у фоташэрагу прысутныя два сучаснікі – хлопец і дзяўчына, якія вядуць дыялог на тэму Першай сусветнай і яе наступстваў. Таксама на выставе прадстаўлены і паменшаныя выявы тагачасных прапагандысцкіх плакатаў.

Выстава будзе працаваць да 22 снежня з 15:00 да 19:00.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце