У Берасці адкрылі памятны знак на былой сінагозе
18 снежня на былой сінагозе ў Берасці, дзе цяпер знаходзіцца кінатэатр „Беларусь”, адкрылі памятны знак габрэйскай грамадзе.
Раней улады адмаўлялі ва ўсталёўцы шыльды, якая б нагадвала гараджанам мінулае прызначэнне будынка на Савецкай. Гэта першыя крокі супрацы з уладамі, кажа старшыня габрэйскай рэлігійнай грамады Берасця Барыс Брук:
– Гэта самая важная падзея ў жыцці габрэйскай суполкі горада. За апошні час – гэта рух наперад у развіцці стасункаў габрэйскай суполкі горада і берасцейскіх уладаў. Пяць гадоў таму нам адмовілі. Сёння таблічка з’явілася. Гэта самае галоўнае.
Разам з Барысам Брукам шыльду адкрываў старшыня гарвыканкаму Аляксандр Рагачук. Памятны знак стварыў скульптар Павел Герасімук. На шыльдзе ёсць чатыры мовы: беларуская, расейская, ангельская і іўрыт.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце