У Берасці адзначаюць 455-годдзе Берасцейскай Бібліі
У берасцейскім Музеі гісторыі горада адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай Берасцейскай Бібліі.
Мерапрыемства праводзіцца ў межах святкавання 455-х угодкаў з дня ейнага выдання.
Кажа дырэктар музея Святлана Тамчук:
– Мы прэзентуем вам выставу 2о факсімільных копій гравюр з нашай Берасцейскай Бібліі. Гэты праект доўга рыхтаваўся. І я ўдзячная нашай Нацыянальнай бібліятэцы, у якой ёсць поўная адлічбаваная электронная версія гэтай кнігі, і яны пайшлі нам насустрач і выбралі найбольш цікавыя, найбольш значныя гравюры. І я думаю, калі вы паглядзіце на іх, вы зразумееце, што на самой справе 455 гадоў таму быў створаны ўнікальны шэдэўр кнігадруку.
Берасцейская Біблія – гэта другі поўны пераклад святога пісьма на польскую мову, выдадзены ў 1563 годзе на сродкі канцлера Вялікага Княства Літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага. Помнік беларускага кнігадрукавання XVI стагоддзя, асобнікі захоўваюцца ў Расейскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Маскве, Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі Навук Літвы і ў Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве. Няпоўны экзэмпляр захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце