У Берасці адзначылі Дзень беларускай лялькі
У абласным краязнаўчым музеі адчыніла свае дзверы выстава ’’Лялечны сусвет’’. У экспазіцыі прадстаўлены як старажытныя абярэгі, якія рабілі яшчэ прабабулі, так і сучасныя аўтарскія лялькі. Вядучы навуковы супрацоўнік Алена Грабоўская адзначыла, што выстава – гэта частка працэсу перадачы беларускіх традыцый:
– З 2010 года, з 16 лістапада, гэты дзень адзначаецца як беларускае дзяржаўнае свята. Гэтае свята старажытнае, карані яго ўходзяць, відаць, яшчэ ў першабытны час. Нашыя бабулі, прабабулі займаліся вырабам лялек. З любой нагоды, з нагоды любога свята рабілася адмысловая лялька. Яна суправаджала чалавека ад нараджэння, да самай смерці. І ў радасці, і ў горы. На шчасце, гэтыя карані не загінулі.
Як паведаміла Алена Грабоўская, на выставе прадстаўленыя як дзіцячыя працы, так і працы дарослых. Наведаць ’’Лялечны сусвет’’ можна цягам месяцу.
Беларускае Радыё Рацыя