У Берасці даследавалі пост-савецкую спадчыну
Цягам некалькіх месяцаў у Берасці даследавалі пост-савецкую спадчыну ў межах праекту „Арт-інтэрвенцыя”.
Пра гэта паведаміла прадстаўніца „Фонду развіцця Берасцейскай крэпасці”, культурніцкая дзяячка Аліна Дзеравянка. Для ўдзелу ў праграме прыязджалі даследчыкі з розных сфераў з усёй Беларусі і Расеі, — адзначыла яна:
– Да нас прыязджаў Максім Сарычаў, які здымаў мазаікі савецкага часу на аўтобусных прыпынках, якія знаходзяцца па ўсёй Берасцейскай вобласці. Таксама Ілона Дзяргач, якая даследавала нябачную спадчыну, звязаную з рамёствамі, звязаную з тым, што Савецкая ўлада не дазваляла тут заставацца рэлігійным цэнтрам – касцёлам, цэрквам, сінагогах. І гэта зараз можна ўбачыць у яе відэа, якое атрымалася.
Яшчэ адна праца атрымала назву „Калі не скончыцца мінулае” і была выканана ў выглядзе перформансаў — зачытваліся маніфесты да савецкіх помнікаў на тэму таго, як трэба адносіцца да такой спадчыны.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце