У Берасці можна пабачыць кніжныя мініяцюры Георгія Панаётава
«Кніжная мініяцюра Георгія Панаётава. Вялебны Ісаакій Далмацкі і іншыя абліччы» – экспазіцыю пад такой назвай можна паглядзець у Берасці ў музеі выратаваных мастацкіх каштоўнасцяў. На выставе прадстаўлена некалькі дзясяткаў прац берасцейскага мастака сучаснай іканаграфіі, які зараз жыве ў Санкт-Пецярбургу.
Распавядае Георгій Панаётаў:
– Мы адкрываем выставу «Кніжныя мініяцюры». Гэта працы, якія я выконваў для розных выданняў на працягу некалькіх год. Гэта ілюстрацыі да апісання жыцця святых, шматлікія прысвечаныя святым астраханскай зямлі. Ёсць ілюстрацыі да жыцця Святога Панцеляймона, таму што ў Санкт-Пецярбургу Панцеляймонаўскі храм выдаваў акафіст гэтаму святому. І тады мне замовілі зрабіць ілюстрацыі да акафіста.
Цэнтральнае месца займаюць тры працы, прысвечаныя жыццю Ісаакія Далмацкага.
Георгій Панаётаў пераважна працуе над праектамі для храмаў Беларусі ды Расеі. Паглядзець кніжныя мініяцюры можна да 1 сакавіка.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце