У Берасці плануюць правесці Фестываль вулічных музыкаў



Першы Фестываль вулічных музыкаў плануецца правесці ў Берасці ў гонар 1000-годдзя горада. 

Ініцыятыва належыць гарадскому моладзеваму грамадскаму аб’яднанню „Спадчына”, у актыве якога арганізацыя такіх мерапрыемстваў, як Міжнародны форум вулічных тэатраў, Фестываль блізнят, Парад калясак. Форум вулічных музыкантаў прапаноўваецца правесці ў сярэдзіне траўня на Берасцейскім вяслярным канале.

„На мой погляд, тут выдатная пляцоўка. Гэта месца ў пірса, дзе праходзяць урачыстыя адкрыцці розных спаборніцтваў. Наведвальнікі будуць глядзець на ўдзельнікаў як у амфітэатры”, – адзначыў спецыяліст па сувязях з грамадскасцю абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні Алег Голас. 

Цяпер ідзе прыём заявак ад вулічных музыкаў. Усім аматарам музыкі прапаноўваецца прыдумаць назву фэсту. Таксама арганізатары запрашаюць прадпрымальнікаў на ўзаемавыгадных умовах у якасці паўнавартасных партнёраў праекта.

У цэлым з нагоды 1000-годдзя Берасця на працягу года ў абласным цэнтры плануецца правесці каля тысячы рознафарматных мерапрыемстваў – фестываляў, конкурсаў, канцэртаў, канферэнцый, культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў, акцый, выстаў, прэзентацый. 

zviazda.by