У Берасці плануюць ўсталяваць помнік Уладзіміру Высоцкаму



У Берасці можа з’явіцца помнік Уладзіміру Высоцкаму. Над праектам працуюць прадстаўнікі мясцовай улады, спецыялісты па пытаннях захавання гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі. Мяркуецца, што памятнае месца будзе знаходзіцца каля гатэлю ’’Буг’’ непадалёк ад чыгуначнага вакзала. Менавіта там спыняўся ў 1972 і 1974 годзе ў часе свайго візіту Уладзімір Высоцкі, – распавёў адзін з даследчыкаў біяграфій людзей, лёс якіх звязаны з Берасцейшчынай, рэдактар газеты ’’Брэсцкі кур’ер’’ Мікалай Аляксандраў:

– Гэты помнік патрэбны для таго, па-першае, захаваць памяць аб Уладзіміры Высоцкім, які, можна сказаць, з’яўляўся брэндам эпохі, брэндам свабоды, голасам ХХ стагоддзя. Ён быў сімвалам супраціву руціне, дэзактывацыі сумлення. Гэта было сумленне часу.

„У 1889 годзе ў Берасці нарадзіўся дзед Уладзіміра Высоцкага, таму па праву можна лічыць, што сам творца меў берасцейскія каранні,” – дадаў Мікалай Аляксадраў. Творчасць барда ў савецкія часы спрыяла папулярызацыі аўтарскай песні. Гэта ўскосна паўплывала на развіццё рок-культуры ў часы распаду СССР.

 Беларускае Радыё Рацыя

* * *

У Берасці плануюць усталяваць помнік Уладзіміру Высоцкаму, паведамляе афіцыйны сайт Берасцейскага гарвыканкама.

Ідэя абмяркоўвалася 16 чэрвеня падчас рабочай сустрэчы старшыні гарвыканкама Аляксандра Рагачука з адміністрацыяй гасцініцы „Буг”, дзе ў 1972 і ў 1974 гадах Высоцкі двойчы спыняўся, і ўпаўнаважаным інвестара. У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел галоўны архітэктар горада і спецыялісты па пытаннях захавання гісторыка-культурнай спадчыны горада.

Выказвалася ідэя аформіць у стылі 1970-х гадоў адзін з нумароў гасцініцы, дзе жыў Высоцкі, а ў суседнім памяшканні стварыць экспазіцыю, прысвечаную яго памяці.

Абмяркоўвалася і магчымае месца ўстаноўкі скульптурнай кампазіцыі, у прыватнасці, недалёка ад уваходу ў гасцініцу „Буг”. Гэты ўчастак павінен быць рэканструяваны, пры гэтым усе дрэвы і кусты застануцца на сваіх месцах. Такім чынам, тут можа з’явіцца невялікі сквер, у які арганічна ўпішацца скульптурная кампазіцыя.

Ідэя стварыць помнік Высоцкаму вынесеная на грамадскае абмеркаванне. Заўвагі і прапановы можна дасылаць да 1 верасня на адрас рэдакцыі газеты „Брестский вестник” (Берасце, вуліца Міцкевіча, дом 25) ці на адрас электроннай пошты выдання [email protected] з пазнакай „Памятнае месца Высоцкага ў Берасці”.

belapan.by