У Берасці прайшла „Калядная вечарына”
У гарадскім цэнтры культуры прайшла „Калядная вечарына”, дзе сустрэліся аматары фольку і народных традыцый. У праграме былі танцы, музыка, забава і падарункі.
Адзін з галоўных арганізатараў мерапрыемства, прадстаўнік грамадска-культурнага цэнтра „Грунтоўня” Віктар Клімус лічыць, што важна захоўваць і папулярызаваць беларускую адметнасць:
– Агульная мэта, місія – гэта безумоўна папулярызаваць этнафальклор, нашую традыцыйную спадчыну сярод маладога пакалення. Часам існуе думка, што фальклор – гэта нешта састарэлае і нецікавае, але насамрэч той, хто так думае, той не чуў фальклор, той не чуў этна і не ведае, як можна інтэрпрэтаваць і як можна апрацаваць тое багацце, тую спадчыну народную, фальклорную, якую мы маем. Гэтыя традыцыі мінуўшчыны, гэта тое, што робіць нас, беларусаў унікальнымі, адметнымі.
Перад берасцейцамі і гасцямі горада выступілі музычныя калектывы „KLICH” і клуб сярэднявечных танцаў „Берасцейскі замак”.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
