У Берасці прэзентавалі мультымедыйны рэсурс пра гісторыю горада
У Берасцейскай абласной бібліятэцы імя М. Горкага 5 верасня праходзіць рэспубліканскі круглы стол „Брэст. 1000 гадоў гісторыі ў дакументах і матэрыялах”.
Галоўнай падзеяй дня стала прэзентацыя электроннага мультымедыйнага выдання „1000-годдзе Брэста праз прызму старадаўніх дакументаў”. Рэсурс змяшчае больш за 8 гігабайтаў інфармацыі і ўключае лічбавыя копіі аўтэнтычных крыніц – навуковую, даведачную, бібліяграфічную інфармацыю па гісторыі абласнога цэнтра. Праект рэалізаваны Нацыянальнай бібліятэкай у партнёрстве з абласной бібліятэкай і Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі.
Дыск створаны ў рамках комплекснай навукова-даследчай работы, якую Нацыянальная бібліятэка праводзіць з 2015 года, і называецца „Віртуальная рэканструкцыя дакументаў і матэрыялаў па рэгіянальнай гісторыі Беларусі”. Аб’ектамі пільнай увагі бібліятэкараў ўжо станавіліся Слонім, Навагрудак, Горкі, іншыя рэгіёны.
„Мы сабралі як мага больш дакументаў і матэрыялаў з гісторыі Брэста і яго наваколля ў кантэксце беларускай гісторыі. Перш за ўсё гэта матэрыялы Віленскай археаграфічнай камісіі, якая працавала ў другой палавіне ХIХ стагоддзя. Гэта вялікі пласт юрыдычных дакументаў, пачынаючы з ХVI стагоддзя. Акрамя таго, на дыску прадстаўлены вялікі ілюстрацыйны матэрыял. Гэта стала магчыма толькі дзякуючы лічбавым тэхналогіям, таму што ніводнае выданне не зможа змясціць у сабе такі аб’ём інфармацыі”, – адзначыла намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Кузьмініч.
Тры цікавыя гістарычныя дакументы прадставіў Нацыянальны гістарычны архіў. Два з іх – гэта поўнае апісанне Брэсцкай воласці другой палавіны ХVII стагоддзя. Трэці дакумент уяўляе сабой маляўніча аформленую пергаментную грамату, якая была складзена ў сярэдзіне ХVI стагоддзя. „Гэта вельмі важны праект. У гэтым плане Брэст, бадай што, адзін з найбольш актыўных гарадоў. Вядома, тут яшчэ і юбілей дапамог звярнуць увагу на яго гісторыю. Горад і раней быў значным культурным, грамадскім, палітычным цэнтрам, і прадаўжае такім заставацца”, – падзяліўся меркаваннем намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Дзяніс Лісейчыкаў.
Справай гонару назвала ўдзел у праекце дырэктар Берасцейскай абласной бібліятэкі імя М. Горкага Алена Стрыжэвіч. „Мы перавялі ў лічбавы фармат усе зборнікі канферэнцый „Берасцейскія кнігазборы”. Нашы супрацоўнікі збіралі матэрыялы ў бібліятэках Польшчы, выкарыстоўвалі ўнікальныя матэрыялы мясцовых краязнаўцаў. Некаторыя дакументы прадаставіў гістарычны факультэт БДУ. Пастараліся максімальна поўна адлюстраваць інфармацыю пра наш горад і яго ўнікальную дакументальную спадчыну. Брэст прадстаўлены ў фатаграфіях, паштоўках, карцінах, мастацкай літаратуры, публіцыстыцы”, – расказала Алена Стрыжэвіч.
Дзякуючы фінансавай падтрымцы ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама электронны мультымедыйны рэсурс паступіць у фонды ўстаноў культуры вобласці.
Цырымонія перадачы выдання адбудзецца бліжэй да вечара – напрыканцы рэспубліканскага круглага стала. На працягу дня ў сценах абласной бібліятэкі будуць гучаць даклады, прысвечаныя гісторыі Брэста. У мерапрыемстве прымаюць удзел спецыялісты бібліятэк, музеяў, архіваў Беларусі, вучоныя-гісторыкі, пісьменнікі, краязнаўцы, журналісты.