У Берасці прэзентуюць мапу мадэрнісцкай архітэктуры
19 снежня, у аддзеле літаратуры і мастацтва Берасцейскай абласной бібліятэкі а 18:30, адбудзецца прэзентацыя друкаванага маршрута „Мадэрнізм у берасцейскай архітэктуры”.
Валанцёрскі праект „Берасцейскі канструктывізм” выдаў бясплатную мапу, якой змогуць скарыстацца берасцейцы, каб пазнаёміцца з архітэктурай мадэрнізма. Падрабязней кажа сузаснавальнік праекта Алена Каховіч:
– Мадэрнізм Берасця даволі ўнікальная з’ява таму, што такіх будынкаў больш за сто ў Берасці. Яны спалучаюць у сабе рысы ўсходняй архітэктурнай школы, менавіта канструктывізму, так і рысы польскага функцыяналізма. Ёсць нават цэлы архітэктурны комплекс. Калі гэта захаваецца і ўсё гэта аформіць у больш мастацкую выразную форму, прыпаднесці, зразумела распавесці пра гэта берасцейцам і гасцям горада, то гэта сапраўды ўнікальны прадукт для нашага рэгіёна.
„Мапа прызначана для жыхароў і гасцей Берасця, якія не знаёмыя з мадэрнісцкай спадчынай нашага горада. Маршрут мапы праходзіць па гістарычнаму цэнтру. У яго ўвайшлі 13 будынкаў: прыватныя дамы і аб’екты грамадскага карыстання. Мапа выдадзена на чатырох мовах: беларускай, расейскай, польскай і ангельскай”, – паведамілі арганізатары прэзентацыі.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
