У Берасці завяршыўся фестываль «Белая вежа»
Міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа» ў Берасці падышоў да завяршэння. Ён ладзіўся цягам дзесяці дзён. У конкурснай праграме прымалі ўдзел дваццаць восем спектакляў. Тэатральнае спаборніцтва ахапіла звыш дзесяці тысяч гледачоў.
Галоўны харэограф Беларускага дзяржаўнага моладзевага тэатра Вольга Скварцова падкрэсліла, што нават адзін і той жа спектакль можа па-рознаму ўспрымацца наведвальнікамі сталічнай і рэгіянальнай сцэны:
— Гэта дае магчымасць падзяліцца сваёй творчасцю, творчасцю сваіх калег, правесці спектакль. Гэта магчымасць абмену досведам. І выйсці на крыху іншага гледача, бо рэгіянальны глядач і менскі — розныя. Не таму што правінцыя і не правінцыя, а таму што розныя гарады — розныя гледачы.
Лепшым спектаклем «Белай вежы» была прызнаная пастаноўка Маскоўскага тэатру юнага гледача «Скрыпка Ротшыльда». У намінацыі «Лепшы спектакль малой формы» перамога была аддадзена менскаму Цэнтру візуальных і выканаўчых мастацтваў АРТ-корпорэйшн за спектакль «Опіум».
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце