У Браслаў вярнуўся мастак і майстар па дрэве Віктар Дудкевіч
На сваю радзіму, у Браслаў, вярнуўся мастак і майстар па дрэве Віктар Дудкевіч з Глыбокага. Ён прывёз у Браслаўскі музей традыцыйнай культуры сваю выставу пад назвай “Вяртанне”. На ёй прадстаўленыя каля васьмідзесяці прац майстра ў розных накірунках творчасці.
[Not a valid template]
Па словах метадыста Браслаўскага музея традыцыйнай культуры Ганны Нікіфаравай, на выставе можна будзе пазнаёміцца з творчасцю мастака, пачынаючы з яго першай працы і да апошняй на цяперашні час.
– Мастак прывёз графіку, жывапіс і дробную пластку з дрэва. Сярод карцін – тэматычныя працы – краявіды Браслава і касцёлы Глыбоччыны. Частка выставы прысвечаная драўляным цацкам. У браслаўчан ёсць магчымасць пабачыць, як выглядалі дзіцячыя цацкі шмат гадоў таму, даведацца, з чаго пачыналася гэтая індустрыя.
Як кажа Віктар Дудкевіч, выставу ён прымеркаваў да свайго юбілею, у гэтым годзе яму спаўняецца 55 год. Выстава будзе працаваць у Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры да 18 сакавіка з дзевяці да васямнаццаці гадзінаў. Запрашаем.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя