У Брылях ушанавалі паэта Пятра Прыходзьку



У Брылёўскай сельскай бібліятэцы Магілеўскага раёна прайшла гадзіна літаратурнага партрэта «Пясняр зямлі Хоцімскай», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага паэта Пятра Прыходзькі.

Бібліятэкар Юлія Яцкова ўзгадала вёску Альшоў Хоцімскага раёна Магілеўскай вобласці, дзе 25 лютага 1920 года ў сялянская сям’і нарадзіўся будучы паэт. Пятро з юнацтва імкнуўся да ведаў і пісьменства, таму і выбраў менавіта журналісцкую сцежку – скончыў Магілёўскую газетную партыйную школу, а потым паступіў на вучобу ў Камуністычны інстытут журналістыкі імя Кірава ў Менску. Але раптам грымнула крывавая вайна, і паэт апынуўся на Бранскім фронце, потым на Курскай дузе, вызваляючы Беларусь і Польшчу, штурмам браў Берлін і Прагу.Таму праз усю ягоную творчасць чырвонай стужкай прайшліся пачуцці, думкі і ўспаміны пра ваеннае ліхалецце. І беларуская літаратура з удзячнасцю памятае той унёсак, які зрабіў паэт-франтавік Пятро Прыходзька.

Прысутныя на гадзіне літаратурнага партрэта пазнаёміліся з падрыхтаванай кніжнай выставай, а потым працягнулі знаёмства з паэтам у музейна-этнаграфічным пакоі Брылёўскага сельскага Дома культуры, дзе дырэктар Мікалай Яцкоў расказаў аб сваіх сустрэчах з Пятром Фёдаравічам, аб творчай працы над сумеснымі песнямі. Экспазіцыя да 100-годдзя Пятра Прыходзькі пазнаёміла ўсіх з ягонымі пісьмамі і рукапісамі песенных вершаў, а таксама з чарнавікамі нотных запісаў Міколы Яцкова, дзе можна ўбачыць, як нараджаліся мелодыі песень. А потым – чыталіся прыходзькаўскія вершы і ішла размова пра паэзію, якая красамоўна адлюстроўвае наша шматплыннае жыццё.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Магілёўскі раён

Фота Міколы Яцкова