У Будслаўскім касцёле забаранілі набажэнствы



У Будслаўскім касцёле пасля пажару забаранілі набажэнствы. Дзяржаўныя органы цалкам забаранілі эксплуатацыю касцёла ў Будславе пасля пажару 11 траўня. Таму набажэнстваў у непашкоджанай ягонай частцы, так званым старым касцёле, не будзе, паведаміў catholic.by.

У Будслаў ужо прыехаў спецыяліст для дэмантажу і кансервацыі арганаў 18 стагоддзя, у якія падчас тушэння пажару трапіла вада, моцна пацярпелі ад вады таксама сцены. Пра стан святыні паведаміў валанцёр, мясцовы жыхар Яўген Апанасевіч, які працуе на тэрыторыі:

– Дах знішчыны на 80%. Ён цалкам патрабуе аднаўлення. Разумеем, што гэта вялікія кошты. Як павядуць сябе сцены, таксама невядома. Таму што вада пайшла ў сцены, што будзе з імі – гэта пакажа час. Вада пайшла ў падмуркі, што будзе з падмуркамі, таксама невядома. Цэнтральны купал папярэдне нармальны, але гэта самае крохкае месца ў касцёле зараз.

Валанцёры і мясцовыя парафіяне пад кіраўніцтвам пробашча тым часам расчысцілі праходы. Тэрыторыя касцёла агароджаная, уваходу туды няма, толькі для спецыялістаў. Раніцай 11 траўня загарэўся дах Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе. З касцёла паспелі вынесці каштоўныя рэчы. Агонь патушылі раней, чым ён дабраўся да памяшканняў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Аляксандр Бурдзялёў, facebook.com