У будслаўскім касцёле завяршылі ўмацаванне купала
Пасля травеньскага пажару купал быў у аварыйным стане. У ім з’явіліся расколіны, якія павялічваліся. Таксама была страчаная верхняя абмазка, пачаў адслойвацца тынк на ўнутранай паверхні, пісаў catholic.by.
4 верасня стала вядома, што працы па страхоўцы купала завяршылі. У ім зрабілі металаканструкцыі, паклалі насціл, усталявалі стойкі. Таксама зрабілі зандажы, каб праверыць, ці не было раней на купале фрэсак, паведаміў тэлеграм-канал «Адновім Будслаў разам!».
Пажар у нацыянальным санктуарыі здарыўся 11 мая. У выніку абваліўся дах, вадой з пажарных брандспойтаў пашкоджаныя сцены, падлога, мэбля. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Найсвяцейшы Сакрамент і іншую каштоўную маёмасць паспелі вынесці. Кіраўніцтва касцёлу неадкладна звярнулася па дапамогу ў зборы сродкаў, былі адкрытыя адмысловыя рахункі.
За прамінулы час валянцёры разабралі абгарэлыя часткі, прасушылі ўнутранае ўбранне і арган, устанавілі датчыкі вільгаці, ачысцілі дах ад смецьця і вугалю, разабралі падвалы.