У будслаўскім санктуарыі пачалі ўсталёўваць часовы дах



У пацярпелым ад пажару касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе (Мядзельскі раён Менскай вобласці) пачалі ўсталёўваць часовы дах, паведамляе тэлеграм-канал „Адновім Будслаў разам!”, створаны ў парафіі для каардынацыі ахвотных дапамагчы ў ліквідацыі наступстваў здарэння.

„На сённяшні дзень скончылася ачыстка даху. Дастаўлена 1.000 кв. м плёнкі для часовага даху. Пачынаюцца работы для ўстаноўкі часовага даху, закрыцця купала і кансервацыі сцен”, — гаворыцца ў паведамленні ад 25 мая.

На парафіяльным сайце паведамляецца, што на гэты момант на аднаўленне нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай сабраны 441.501 рубель.

Кампанія па зборы сродкаў, ініцыяваная беларускай супольнасцю ў Польшчы, прыцягнула 5.811 злотых (прыблізна 1.590 долараў) ад 54 ахвярадаўцаў. Арганізатарам не ўдалося дасягнуць канчатковай мэты праекта — сабраць 30 тыс. злотых (прыкладна 8,2 тыс. долараў), аднак правілы інтэрнэт-платформы, на якой ажыццяўляўся збор, дазваляюць атрымаць нават няпоўную суму.

Дазвол на разбор рэшткаў даху пацярпелага ад пажару санктуарыя быў атрыманы 12 мая. Да наступнага дня ўнутры касцёла разабралі абгарэлыя часткі, прыбралі вуглі, для прасушкі паднялі на падстаўкі алтары і драўляныя лаўкі, прынялі меры для прасушкі аргана. 14 мая ў касцёле ўсталявалі кантролеры вільгаці, 15 мая — ачысцілі дах ад буйнога смецця, тэрыторыю побач — ад попелу, вуглёў і тэхнічнага смецця, вакол выставілі дадатковыя агароджы.

17 мая планавалася працягнуць ачыстку даху ад попелу і дробнага смецця, аднак з-за дажджу ад гэтага давялося адмовіцца. У касцёле дэмантавалі лаўкі і вывезлі з будынка. 18 мая працягваліся працы на даху: валанцёры ачысцілі ад попелу правы і левы нефы і пачалі чысціць цэнтральную частку. З касцёла вынеслі астатнія лаўкі, а неразборные бакавыя лаўкі засыпалі пілавіннем для выцягвання вільгаці. 22 мая ў будынку касцёла прыбіралі і расчышчалі склепы.

Як паведамлялася, 11 мая ў будслаўскім касцёле здарыўся пажар, з-за якога абрынуўся дах. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Святыя Дары і іншую маёмасць паспелі вынесці. У той жа дзень Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі звярнулася да людзей па дапамогу ў зборы сродкаў на аднаўленне санктуарыя, былі адкрыты спецыяльныя рахункі.

Следчы камітэт распачаў справу на падставе ч. 2 арт. 304 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў пажарнай бяспекі асобай, адказнай за іх выкананне, што пацягнула па неасцярожнасці ўзнікненне пажару з прычыненнем шкоды ў буйным памеры).

12 мая была створаная спецыяльная камісія па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі і аднаўленні будслаўскага касцёла, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі. У той жа дзень касцёл наведаў апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Ён паабяцаў „сваю дапамогу і падтрымку ў справе аднаўлення пашкоджанай пажарам базілікі і адраджэння духоўнага жыцця ў беларускім нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай”.

Аляксандр Лукашэнка 14 мая пасля наведвання экарынку ў Менскім раёне даручыў дапамагчы ў аднаўленні будслаўскага касцёла. „Не трэба тут спяшацца, нават спецыялісты кажуць, — заявіў ён. — Дапамагчы трэба: разабраць там, гэтыя работы… Але спецыялісты хай вызначацца, абследуюць, што трэба зрабіць. Без дзяржавы яны ні чорта не зробяць усё роўна. Але гэтыя ж „неверагодныя” зноў кажуць, што „грошы збяром”. Ветэранам ужо сабралі, у двукоссі. Не ведаю толькі, дзе грошы. І тут кажуць: збяром. Ні чорта яны не збяруць. Яны проста людзям абвесцяць, і ў людзей забяруць грошы, і падзеляць у Польшчы. Таму калі хто-небудзь хоча дапамагчы аднавіць гэты храм, трэба адкрыць ім там (няхай яны адкрыюць рахунак), і хай людзі туды ім перадаюць грошы, а не ў Польшчу”.

На гэтыя рахункі, сказаў Лукашэнка, „кожны чалавек колькі зможа, калі ён захоча, ён туды перадасць грошы”. „Але таксама асабліва не трэба там… Я не думаю, што там шалёныя аб’ёмы работ будуць. Дах адновім, унутры прывядзем у парадак. Таму ты мусіш назіраць, і калі спецыялісты зробяць выснову, што і як, потым паведаміш, і падумаем, як зрабіць”, — звярнуўся Лукашэнка да старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Турчына.

17 мая сітуацыю вакол пацярпелага касцёла абмеркавалі Антэ Ёзіч і намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік. Падрабязнасці сустрэчы невядомыя.

19 мая касцельная спецкамісія прыняла рашэнне, што касцёл у Беларусі звернецца ў замежныя каталіцкія арганізацыі з просьбай аб фінансавай дапамозе для аднаўлення пацярпелага ад пажару храма.

БелаПАН