У Бярозаўцы вывучаюць беларускую мову праз актыўныя гульні
У Бярозаўцы Лідскага раёна беларускую мову вывучаюць праз актыўныя гульні. Так у гарадскім Палацы культуры прайшла гульня-квэст на тэму беларускай мовы, культуры і народных традыцый. Вучні школ горада спаборнічалі між сабой у веданні роднай мовы, песень, прыказак і народных традыцый.
Дзеці з вялікім задавальненнем праходзілі заданне па заданні на шасці кропках, што былі расстаўленыя на гульнявым маршруце па ўсім будынку мясцовага Палаца культуры.
Распавядае мастацкі кіраўнік установы Аксана Цецярук:
— Прыемна, што яны хваляваліся. Яны ўсе хваляваліся, бо вельмі перажывалі, што чагосьці не ведаюць. Было вельмі прыемна, што дзеці адгукнуліся на гэта і прыйшлі паўдзельнічаць. Я думаю, што на гэтым мы спыняцца не будзем, мы будзем працягваць. Прыходзьце і вы, запрашаем усіх.
Квэст-гульня ў Бярозаўцы праходзіла ў рамках надыходзячага Міжнароднага дня роднай мовы. Перамогу ў гульні атрымала каманда навучэнцаў мясцовай сярэдняй школы №3.
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя