У Бярозе адкрылася выстава фотаздымкаў міжваеннага перыяду
У філіяле Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея “Галерэя мастацтваў” адкрылася выстава здымкаў і дакументаў “З сямейнага архіва”. Арганізавалі выставу Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Берасці і берасцейскі краязнаўца Іван Чайчыц. На выставе паказаны 70 здымкаў і дакументаў з асабістых архіваў жыхароў былога Палесскага ваяводства, цяперашняй Берасцейскай вобласці.
Іван Чайчыц лічыць, што выстава вельмі важная і карысная. Яна дае магчымасць апынуцца на вуліцах Берасця, Баранавіч, Кобрыня, у палешуцкіх вёсках і паглядзець сваімі вачыма на побыт нашых продкаў, кажа Іван Чайчыц:
– Наогул гэтая выстава адбылася дзякуючы таму, што людзі калісьці надрукавалі фотаздымкі і іх захавалі. І мы звярнуліся да людзей: давайце зробім выставу, пакажам тагачасны побыт. Толькі што закончылася страшная вайна – Першая сусветная. Чалавецтва вярталася да мірнага жыцця. Будавалі дамы. Бралі шлюбы. Нараджалі дзяцей. І людзі сталі адкрываць свае сямейныя альбомы. Сталі дасылаць, прынасіць фотаздымкі.
На выставе прысутнічалі старшыня Бярозаўскага раённага выканаўчага камітэта Леанід Мартынюк і консул Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Берасці Кшыштаф Расіньскі. Удзельнікі выставы, як дарослыя, так і дзеці, былі зачараваныя ўбачаным.
Выстава працягнецца да 6 траўня.
Поўны гук слухайце ў далучаным файле:
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя
