У Бярозе праходзіць мастацкі пленэр
У Бярозе на тэрыторыі Бярозаўскага кляштара картэзіянцаў праходзіць мастацкі пленэр. У ім удзельнічае 7 мастакоў з розных куточкаў Беларусі.
У тым ліку мастак-аспірант Акадэміі мастацтваў з Кітая Чан Юй Ней са сваім настаўнікам, прафесарам Яўгенам Шунейкам. Свае малюнкі ў асноўным мастакі прысвяцілі розным відам гістарычнага помніка, кажа арганізатар пленэру бярозаўская мастачка Таццяна Зданевіч:
– Мы ўжо другі дзень малюем, і заўтра яшчэ будзем маляваць. Наша тэрыторыя, канешне, кляштар. Па выніку пленэра працы будуць прадстаўлены ў галерэі „Мастацтва”. І некалькі нашых прац застануцца тут у музеі назаўсёды.
Месца пленэру выклікае дваістае пачуццё, кажа мясцовы мастак Анатоль Маразюк:
– Гэта самае дзіўнае ў Бярозе месца і самае сумнае. Таму што рэстаўрацыю брамы зрабілі і супакоіліся. Нікому справы няма да гэтага кляштару. Сцены падаюць адна за адной.
Такой жа думкі і іншыя мастакі, якія ўжо не першы год тут на пленэры. Паводле Фёдара Ладуцькі з Менску, трэба наладжваць масты з мінулым, бо нічога добрага не чакае тых, хто не мае памяці.
Пленэр працягнецца ў пятніцу, а затым мастакі пераедуць працаваць на Пружаншчыну. У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” 24 жніўня пройдзе выстава карцін Васіля Грыневіча.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя