У Чарнігаве прэзентавалі кнігу беларускага паэта
У Чарнігаве прэзентавалі кніжку беларускага паэта Сяргея Прылуцкага “Далоў дарослых!”. Кніга выйшла ў кіеўскім выдавецтве “Люта справа” адразу на дзвюх мовах – беларускай і ўкраінскай.
Кнігу “Далоў дарослых!”, акрамя аўтара, які чытаў свае вершы на беларускай мове, прэзентавала і ўкраінская паэтка Алена Сцепаненка, якая чытала вершы Прылуцкага ва ўласным перакладзе.
Характэрна, што беларуская мова ўспрымалася ў Чарнігаве так жа натуральна, як і ўкраінская. Вось тыповая рэакцыя чарнігаўца, які быў прысутным на імпрэзе:
– Для мяне ўвогуле няма пытанняў успрымання беларускай мовы, таму што гэтую мову я чуў ад самога дзяцінства па радыё, на сярэдніх хвалях. Гэта была Першая праграма Беларускага рэспубліканскага радыё. Беларуская мова для мяне на адным узроўні з украінскай і расейскай. Праўда, размаўляць беларускай пакуль не магу. Хаця спробы такія ёсць…
Сяргей Прылуцкі, вядомы яшчэ і пад псеўданімам Пістончык, нарадзіўся ў Берасці, але стала жыве ў Кіеве.
Беларускае Радыё Рацыя