У Чырвоным касцёле пачынаецца Тыдзень беларускай мовы і літаратуры
У менскім касцёле Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) 17 лютага пачынаецца Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, які паводле рашэння ЮНЕСКА адзначаюць 21 лютага.
Серыя тэматычных мерапрыемстваў пройдзе ў касцельнай бібліятэцы імя Адама Міцкевіча, паведамляе партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.
Увечары 17 лютага мовазнаўца Вінцук Вячорка правядзе заняткі па культуры беларускай мовы. 19 лютага ў касцёле адзначаць 130-годдзе з дня нараджэння святара і паэта Казіміра Сваяка. У межах гэтай імпрэзы пройдзе віктарына на веданне беларускай літаратуры.
20 лютага ў касцельнай бібліятэцы адбудзецца сустрэча, прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна (адзначаецца 24 лютага). Прысутным будзе прапанавана азнаёміцца з яго біяграфіяй і творчасцю, а таксама зноў паўдзельнічаць у віктарыне на веданне беларускай літаратуры.
Непасрэдна ў Міжнародны дзень роднай мовы, 21 лютага, у касцёле правядуць дыктоўку па беларускай мове. 22 лютага тут пройдзе канферэнцыя „Святы Шарбель па-беларуску”, 23-га — літаратурны конкурс для дзяцей на лепшую дэкламацыю вершаў беларускіх паэтаў.
Фота Аляксандры Шчыглінскай