У Друі праходзіць мастацкі пленэр „Скарынэр”



У Друі, што на самай мяжы Беларусі з Латвіяй, пачаўся Міжнародны пленэр “Скарынэр”.

Некалькі дзясяткаў мастакоў з Галандыі, Расеі ды розных беларускіх гарадоў размясціліся ў былым кляштары пры Святатроіцкім касцёле. Кожны мае асобную майстэрню, спальнае месца ды харчаванне.

Кажа настаяцель храму, ксёндз і ў вольны час мастак Сяргей Сурыновіч:

– Нягледзячы на тое, што трэці мастацкі пленэр у Друі, але ён ужо ў гэтым годзе міжнародны, вельмі такі хуткі рост. Мастакі ў сваім асяроддзі кажуць пра гэта, як пра нешта элітарнае. Паміма таго, што гэта прафесіяналы, але яшчэ вядзецца адбор мастакамі ў Менску, якія дапамагаюць мне ў арганізацыі пленэру, і на жаль многім адмаўляем.

У друйскім касцёле прадстаўлена копія друкарскага станка, на якім працаваў Францыск Скарына. Цягам тыдня да ўдзельнікаў пленэру будуць прыязджаць літаратары ды музыкі.

У іх ліку Адам Глобус, Піт Паўлаў і Вольга Акуліч. Таксама ў Друі чакаюць на натуршчыка з Менску, які знешне, як мяркуюць арганізатары, вельмі падобны да беларускага першадрукара.

Выніковая выстава “Скарынэру” адкрыецца ў нядзелю, 30 ліпеня, аб 11-ай гадзіне.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота facebook.com/surynovic