У Дунілавічах аднаўляюць культ абраза Маці Божай Ларэтанскай
Цудатворны абраз Маці Божай Ларэтанскай зноў пачаў жыватворна ўздзейнічаць на парафіянаў у Дунілавіцкім касцёле Прасвятой Тройцы, што на Пастаўшчыне. Паводле пробашча парафіі Паўла Самсонава, абраз датуецца другой паловай сямнаццатага стагоддзя.
Раней вернікі прыносілі да яго шмат вотаў, але за камуністычнымі часамі яны зніклі, а абраз, дзякуючы вернікам, застаўся ў парафіі.
– Мы зноў распачалі гэты культ Маці Божай Ларэтанскай аднаўляць, і на сённяшні дзень ужо ёсць чатыры воты. Першы падарунак – залаты пярсцёнак, заручальны, людзі прынеслі як знак удзячнасці Маці Божай за тое, што ўратавала іх сям’ю. Затым пачалі з’яўляцца другія воты – залаты ланцужок, залатыя завушніцы, залаты крыжык. Людзі пакуль што сказалі: мы не хочам да канца адкрываць нашую таямніцу, за што тыя воты, прыйдзе той час, калі мы скажам. І я чакаю.
Абраз Маці Божай Ларэтанскай, які вернікі лічаць цудатворным, паходзіць з Фларэнцыі, адноўлены ў Дунілавічах у 1995 годзе. Ён быў падараваны віленскім біскупам Мікалаем Пацам фундатарцы касцёла Эльжбеце, жонцы Крыштофа Белазора. А яна гэты абраз ахвяравала касцёлу.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя